Добры дзень!
Піша Вам Алена Залеская з Валожына. Учора ўпершыню трапіла ў Вашу ветэрынарную клініку, назва якой гаворыць сама за сябе: “Ветдапамога”. Сярод мноства медыцынскіх устаноў такога тыпу выбрала менавіта Вас. І невыпадкова. Дагэтуль неаднойчы менавіта сюды звярталася за дапамогай мая дачка Анастасія Залеская. Заўсёды была прыемна ўражана памяркоўнымі цэнамі, якасцю аказання паслуг і, самае галоўнае, – нераўнадушшам саміх работнікаў. Пра гэта нельга сказаць словамі, гэта можна толькі ўбачыць і адчуць. Бо, пагадзіцеся, прафесіяналізм заўсёды павінен спалучацца з любоўю да абранай прафесіі – толькі ў гэтым выпадку любая работа будзе выканана “на пяцёрачку”. Яшчэ адна маленькая, але вельмі важная дэталь – у работнікаў “Ветдапамогі” ёсць душа: яна не ачарсцвела і “выгарэла”, нягледзячы на тое, што працуе тут медперсанал, як пчолкі, не наракаючы на паток (кажу без перабольшвання) жывёлы, якая мае патрэбу ў дапамозе.
Так атрымалася, што мне давялося прабыць у ветклініцы з пачатку рабочага дня і амаль да яе закрыцця. Паслухаць, пазнаёміцца і пагутарыць з гаспадарамі сваіх хатніх любімцаў, пачуць не адну чуллівую гісторыю выратавання чарцвёраногіх дзякуючы залатым рукам спецыялістаў, якія тут працуюць. Гэту адданасць прафесіі ўвачавідкі ўбачыла і адчула і на сваіх двух пушыстых сябрах. Мяне прынялі і дапамаглі, нягледзячы на вялікую занятасць, далі рэкамендацыі і парады, адказалі на цікавячыя пытанні – гаварылі проста і даступна, “не кідаючыся” незразумелымі медыцынскімі тэрмінамі. Колькі ж трэба цярпення, вытрымкі, увагі праявіць да гаспадароў, каб выслухаць і пачуць кожнага, а пасля – сканцэнтраванасці і дакладных дзеянняў, каб дапамагчы братам нашым меншым.
Нізкі паклон і вялікае дзякуй за Вашы вялікія сэрцы! Няхай дабро, якім Вы шчодра дзеліцеся з тымі, хто ў гэтым мае патрэбу, вяртаецца Вам у сто разоў! Здароўя Вам моцнага, толькі ўдзячных кліентаў, станоўчых вынікаў і поспехаў у рабоце, людской павагі і працвітання!