Выказваем заклапочанасць: вайна, суды і адна фея, каб прымірыць з рэальнасцю

Коратка пра падзеі ў свеце / калаж Еўрарадыё

Год таму планета здрыганулася ад жахлівага выбуху ў Бейруце. Ліван не адышоў ад яго да гэтага часу. Афганістан працягвае змагацца з надыходам талібаў: людзі баяцца выходзіць з дамоў, хоць і іх дамы могуць стаць полем бою.

Але мы стараемся не пакідаць вас і без добрых навін. Упэўненыя, феі на скейтбордзе вы яшчэ дакладна не бачылі.

 

Гэты выбух здарыўся год таму

Год таму не стала паловы Бейрута. У порце здэтанавалі 2,7 тыс. тон безгаспадарнай салетры, якія знаходзіліся там шэсць гадоў. Гэта быў адзін з найбуйнейшых у гісторыі чалавецтва няядзерных выбухаў.

Тады загінулі 218 тысяч чалавек, раненні атрымалі больш за 6,5 тысячы чалавек. Сотні тысяч страцілі дом.

Што адбылося за гэты год? Пагоршыўся эканамічны крызіс, абясцэнілася нацыянальная валюта. Не стае прадуктаў, лекаў, бензіну, электрычнасць паступае з перабоямі.

Вінаватыя так і не названыя, а ахвяр успамінаюць сёння ў Ліване хвілінай маўчання.

 

"Талібан падпаліў зямлю, сілы ўрада — неба"

"Я не ведаю, куды ісці, сутыкненні адбываюцца ў кожным кутку горада", кажа адзін з жыхароў афганскага горада Лашкаргах. Многія людзі літаральна зачыненыя ў сваіх дамах, на вуліцах горада — сутыкненні ўрадавых сіл з Талібанам.

ААН паведаміла, што толькі за мінулыя суткі ў Лашкаргаху забілі не менш за 40 мірных жыхароў. Мясцовыя жыхары расказваюць ВВС, што на дарогах горада ляжаць трупы, — і яны не ведаюць, хто загінуў, цывільныя або талібы.

"Мы перажываем цяжкія дні. Талібан падпаліў зямлю, а ўрадавыя ваенна-паветраныя сілы — неба", — кажа адзін з мясцовых жыхароў.

Асабліва асцерагаюцца за свае жыцці тыя афганцы, хто супрацоўнічаў з вайскоўцамі НАТА, сярод іх — перакладчыкі.

Баявыя дзеянні разгарнуліся ўжо за некалькі метраў ад офіса губернатара і Упраўлення нацыянальнай бяспекі. Афганская армія заклікала мірных жыхароў пакінуць Лашкаргах напярэдадні наступу на Талібан. Дзясяткі сем'яў выйшлі з горада і пасяліліся каля ракі Гільменд.

Гэты горад — сталіца правінцыі Лашкаргах. Калі талібы здолеюць яго захапіць, то ён стане першай афганскай сталіцай, пакінутай урадавымі войскамі. І гэта не адзіны горад, за які цяпер ідуць баі.

Талібы спрабуюць захапіць яшчэ два буйныя гарады. Адзін з іх — Кандагар, другі па колькасці насельніцтва горад у краіне. Другі — Герат, ён трэці па колькасці жыхароў.

Чытаць болей: Байдэн не лічыць захоп Афганістана талібамі непазбежным

Некаторыя суды ідуць вельмі доўга

Фінансавы дырэктар Huawei Мэн Ваньчжоу дакажа. Мэн — дачка заснавальніка кітайскай кампаніі, яе арыштавалі ў аэрапорце канадскага Ванкувера ў снежні 2018 года. З тых часоў Канада вырашае, ці павінна экстрадаваць яе ў ЗША. Пад заклад у 10 мільёнаў канадскіх долараў яе адпусцілі пад хатні арышт. Сёння суддзя заслухае апошнія аргументы.

Адвакаты Мэн запэўніваюць, што гэтая справа — палітычны пераслед. Дачка заснавальніка Huawei — пацярпелая ў вайне ЗША і Кітая.

А Штаты сцвярджаюць, што Мэн увяла ў зман банк HSBC і не раскрыла, у якіх адносінах знаходзіцца кампанія Huawei з кампаніяй Skycom. Праблема Skycom у тым, што іх падазраюць у парушэнні амерыканскіх санкцый у дачыненні да Ірана. Huawei валодае ў гэтай кампаніі кантрольным пакетам акцый.

ЗША сцвярджаюць, што ў прэзентацыі для банка Мэн сказала толькі, што яны "партнёры" з кампаніяй. Сама фіндырэктара Huawei сцвярджае, што банку было дакладна вядома, у якіх адносінах знаходзяцца гэтыя дзве кампаніі.

Адным словам, юрысты спрачаюцца да гэтага часу. Юрысты Мэн спрабавалі атрымаць доступ да ўнутраных матэрыялаў банка, каб давесці сваю пазіцыю, але ім гэта не ўдалося.

Нават калі суд сёлета вынесе рашэнне аб экстрадыцыі, працэс можа расцягнуцца яшчэ на пяць гадоў — і нават больш. Спачатку запыт аб экстрадыцыі накіруюць у канадскі ўрад. Потым адвакаты Мэн змогуць падаць апеляцыю.

А тым часам адносіны ЗША і Кітая прасцейшымі не становяцца, і арышт высокапастаўленага кіраўніка буйной кітайскай кампаніі іх не спрашчае.

 

Колькі-колькі?

У ЗША ўжо пачалі выплачваць па сотні долараў ахвотным прышчапіцца. Прэзідэнт Джо Байдэн, расказваючы пра гэта, агаварыўся і сказаў, што за прышчэпку плацяць па сто тысяч долараў. Ён хутка выправіўся і сказаў, што за сто тысяч і сам прышчапіўся б — тройчы.

Сам Байдэн прышчапіўся яшчэ да Новага года ў жывым эфіры. Ён наогул вельмі сур'ёзна ставіцца да тэмы вакцынацыі.

Цалкам прышчэплена ўжо каля паловы амерыканцаў, а хоць бы адну дозу вакцыны атрымалі 70% дарослага насельніцтва. І статыстыка паказвае, што чым большы ўзровень захваральнасці ў штаце, тым больш актыўна там вакцынуюцца.

 

Фея на скейце

Раскажам вам і кранальную гісторыю пра тое, як трынаццацігадовая фея-скейтбардыстка з Бразіліі заваявала бронзу на Алімпіядзе.

Бразільянку завуць Райса Ліл. Калі ёй было сем, у сеціва выклалі відэа, на якім яна выконвае трук на скейтбордзе ў касцюме феі. Трук атрымліваецца не з першага разу, але ў выніку дзяўчынка зрывае апладысменты.

Тады, шэсць гадоў таму, гэта відэа паглядзеў амерыканскі скейтбардыст Тоні Хоўк — яго ведаюць усе, хто хоць трохі цікавіўся скейтбордынгам. "Нічога пра гэта не ведаю, але гэта крута", — напісаў ён у твітары.

А ў час Алімпіяды ў Рыа стала вядома, што скейтбордынг уключаць у алімпійскія віды спорту! Вядома, Ліл і яе бацькі пачалі рыхтавацца да выступлення. І вось — бронзавы медаль!

Эвалюцыя любові да скейтборда / @Olympics

ДНават арганізатары Гульняў не стрымаліся і запосцілі ў афіцыйным канале Алімпіяды фотагісторыю бразільянкі: ад скачка ў касцюме феі да трыумфу на Алімпійскіх гульнях.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.